Звезды


Ягор Квартальны,

Лідар слыннага беларускага блюз-рок-гурта «Крама» Ігар Варашкевіч 15 жніўня святкуе 55-ы дзень нараджэння, які адзначыць вялікім канцэртам у перадапошні дзень лета. Напярэдадні гэтых падзей ён распавёў AFISHA.TUT.BY пра сваё стаўленне да статусу «легенды беларускага рока», прыхільнікаў у найвышэйшых уладных колах і сучасную беларускую музыку.

— Канцэрт прымеркаваны да вашага дня нараджэння. Што тут першаснае: жаданне гучна адзначыць свята разам са слухачамі ці зайграць вялікі канцэрт, а юбілей — проста нагода?

— Безумоўна, дзень нараджэння — гэта нагода. Я не святкую юбілеі, таму калі б не было канцэрта, не было б і юбілею. Віталь Супрановіч (арганізатар канцэртаў, прадзюсар, кіраўнік «БМА Group». — Заўвага AFISHA.TUT.BY) прапанаваў зрабіць канцэрт — я згадзіўся. А тое, што ён не 15-га, а 30 жніўня, дык гэта толькі з-за таго, што людзі яшчэ адпачываюць, яны не ў Мінску. 30-га якраз нядзеля, усе ўжо вернуцца і адпачнем разам.

— Рэклама канцэрта 30 жніўня настойліва называе вас «легендай беларускага рока». Як гэты статус на вас адбіваецца?

— Я ўжо вынайшаў для себе схему, што такое «легенда», а што такое «зорка». «Зорка» — гэта чалавек, які, можа, нічога асаблівага і не зрабіў, але яго ўсе ведаюць і ён мае шмат грошай. А «легенда» — гэта чалавек, якога мала хто ведае, ён не мае грошай, але вось ён «легенда» — і ўсё! (Смяецца.)

— «Легендарнасць» мяркуе пад сабой наяўнасць нейкіх грандыёзных гісторый ды эпахальных падзей. Што з вашага музычнага жыцця вы б аднеслі да такіх?

— Я думаю, што хутчэй важныя не падзеі, а некалькі песень, якія маюць сваё месца ў працэсе адраджэння беларускай культуры, беларускасці. Я маю на ўвазе «Слуцкую браму», «Стэфку» — гэта яшчэ «Бондаўскія» песні, «Будзь разам з намі», «Бяжы, хлопец», «Выпі са мной да дна».

— Што прагучыць на канцэрце? Будзеце рабіць акцэнт на папулярныя песні, якія найбольш чакае публіка, ці ў гонар свайго свята абіраць тое, што болей падабаецца самому? І ці значна адрозніваюцца гэтыя спісы?

— Гэта будзе такі канцэрт, які мы зараз звычайна граем: цалкам новую праграму, напэўна, не будзем выконваць. Частка выступу будзе складзеная з песень альбому «Белая вада», а астатняе, безумоўна, — вядомыя хіты. Таксама мы ўспомнілі некалькі песень, якія даўно не гралі, напрыклад, «Ім не трэба мой блюз» — песню дваццацігадовай даўніны, калі Лукашук (Зміцер Лукашук, журналіст і паэт, аўтар шматлікіх тэкстаў «Крамы». — Заўвага AFISHA.TUT.BY) ужо прадбачыў, што асабліва нікому такая музыка не патрэбная. (Смяецца.)

— Можа з’явіцца на канцэрте нешта яшчэ публікай не чутае?

— Мы выконвалі некаторыя песні з новага альбому ў клубе Re: public, але з-за таго, што канцэрты адбываюцца раз на паўгода, многія, думаю, упершыню пачуюць песні «Вецер жыве ў травах», «Ім не трэба мой блюз», маю любімую песню «Паходная», асабліва актуальную з нагоды падзей ва Украіне.

— Вядома, што вы пішаце толькі музыку, а тэксты належаць іншым аўтарам. На чые вершы хацелася б стварыць песні? І ці часта аўтары самі прапануюць свае тэксты для песень?

— Мне прапанавалі тэксты, але тут схема такая, што спачатку я пішу музыку, а потым пішуцца словы. То бок гэта не вершы, яны па-іншаму робяцца: у песні не ўсё можа рыфмавацца, не аднолькавыя куплеты — гэта музыка. Я лічу, што тэкст песні не абавязкова можа існаваць па-за межамі самой песні, ён павінен жыць разам з музыкай. Калі ты не звяртаеш увагу толькі на музыку або толькі на словы, адчуваеш усё як цэлае, як адно, — вось гэта добра. Быў толькі адзіны выпадак, калі на музыку падышоў гатовы верш Адама Глобуса «На станцыі Койданава». Была музыка, а тэкста не было. І я проста чытаў вершы Глобуса, знайшоў гэты тэкст, і ён падышоў на сто адсоткаў.

— Нядаўна прэзідэнт Беларусі сустракаўся з прадстаўнікамі незалежных СМІ, і добра вам вядомы Зміцер Лукашук прапанаваў, у прыватнасці, ушанаваць слынных рокераў званнямі народных артыстаў. Як вам такая ініцыятыва?

— Я ж разумею, што ўсё гэта гульня і ніякіх народных артыстаў не будзе. Якія мы будзем народныя? Будуць тыя, што і былі: Анатоль Ярмоленка, Ядзя і Саша, Фінберг, Саладуха, можа. Хаця, пэўна, ён не народны артыст? А вось мог бы быць… Таму я ад гэтай гульні не тое што стаміўся, а проста перастаў звяртаць на яе ўвагу. Жыццё ідзе, я не маладзею, у мяне маці-інвалід, нарадзілася ўнучка — ёсць рэчы, якія для мяне стаяць на першым месцы, і думаць: «Я легенда, зорка, дадуць народнага — не дадуць»… Жыву сабе ды жыву, нікога не кранаю.


Фота з прыватнага архіва Ігара Варашкевіча

Фота з прыватнага архіва Ігара Варашкевіча

Фота з прыватнага архіва Ігара Варашкевіча

Фота з прыватнага архіва Ігара Варашкевіча

Фота з прыватнага архіва Ігара Варашкевіча

Фота з прыватнага архіва Ігара Варашкевіча
 

— А яшчэ была прапанова, прычым з боку прэзідэнта, даць артыстам з чорных спісаў эфіры на тэлебачанні. Такі паварот быў бы для вас карысным?

— Быў бы, толькі шмат часу страчана. Ёсць рэчаіснасць: новы альбом выйшаў у мінулым годзе. Мы ж вядомы гурт? Мы «легенды»? Дык вось, «легенда» ідзе атрымліваць аўтарскія грошы за тры месяцы і атрымлівае тры долары — 45 тысяч. А людзі, якія не жывуць у Беларусі, не з’яўляюцца «легендамі», але іх круцяць таму, што музыка быццам бы фарматная, зарабляюць на гэтым вельмі добра. Дык пра якія эфіры тут казаць?

— Яшчэ на сустрэчы прэзідэнт запытаўся, ці «Крама» і «Палац» — гэта адзін гурт…

— Так, гэта я ведаю, мне Хаменка (Алег Хаменка, лідар гурта «Палац». — Заўвага AFISHA.TUT.BY) пра гэта казаў. Там так было: «Крама» — гэта «Палац»?

— Мяркуючы па гэтым, сярод найвышэйшых чыноўніцкіх эшалонаў публікі вашай няшмат.

— А што, вы думаеце, нехта з іх слухаў калісьці рок-музыку, ведае, што такое Led Zeppelin ці Deep Purple? Мне было б смешна, калі б было так! Наколькі я ведаю, любімая спявачка беларускага лідара — гэта Чапрага. А яна ніякага дачынення да рок-н-ролу, тым больш беларускага, не мае.

— Тады да іншых тэм. Нядаўна вы выступалі на фэсце «Дружба» на адной сцэне ў тым ліку і з больш маладымі камандамі. На ваш погляд, чым адрозніваюцца тыя, хто нядаўна «дае рок», ад дасведчанай «Крамы»?

— Я не адсочваў, мы выступілі і паехалі… А ўвогуле адрозніваецца самой музыкай: людзі граюць зусім іншую, прычым накірунак яе мне не вельмі падабаецца.

Я слухаю музыку, якая тут не папулярная, гэта не Scorpions, не Bon Jovi і гэтак далей. Усе думаюць, што я толькі блюз слухаю. А я люблю розную музыку, прычым не вельмі вядомых выканаўцаў. Знаходжу на трэкерах, пампую, нават не ведаючы гэтых людзей, пераважна тую музыку, што існуе ў Амерыцы, не ў Еўропе — у прынцыпе, такую музыку мы і выконваем.

А моладзь — яна на хвалі, якую я называю «ютушнай», ад гурта U2. Калісьці мне гэта падабалася, я любіў U2 у 80-я гады, а цяпер — не. Гэта музыка штучная, на мой густ, няма ў ёй душы, сэрца няма. А я жыву сэрцам, а не галавой, усё сваё жыццё, хоць гэта, напэўна, няправільна.

— На канцэрце праекта «Заспявай» вы выступалі акустычным дуэтам разам з Сяржуком Трухановічам. Наколькі блізкі і прыемны вам такі фармат?

— Да апошняга часу мне гэты фармат быў вельмі не блізкі, я вельмі не любіў выступаць пад акустычную гітару, асабліва адзін. Але ў маі Глеб Лабадзенка прапанаваў мне выступіць на курсах «Мовананова». Я выступіў першы раз у Мінску, а потым ён сказаў: «Калі хочаш, можаш праехацца па ўсіх практычна гарадах Беларусі!». Ну я думаў-думаў: канцэртаў няма, працы няма — і паехаў.

Лідар гурта "Крама": "Цяпер столькі танных кавер-бэндаў, што нам цяжка знайсці працу" >>>

Аказалася, што гэта не так страшна, і мне спадабалася! (Смяецца.) Спачатку няёмка сябе адчуваў, а потым — адзін, другі канцэрт — і ўсё. Прычым былі выдатныя моманты. На апошнім канцэрце ў Гомелі была такая дзяўчына Вольга Цярэшчанка. Я з ёй не быў знаёмы, але пачаў спяваць, а яна — падпяваць. І ўсе адразу падхапілі «Гомельскі вальс», і такое было яднанне, што я пад гэтым уплывам яшчэ тыдзень жыў. Супер! Калі яшчэ запросяць, з задавальненнем паеду.

— Спадзяюся, гэты фармат мы яшчэ пабачым?

— Я не ездзіў яшчэ ў Гародню, Віцебск і Магілёў. Яны пабачаць гэта ў верасні.

— Спадзяюся, што прыхільнікі не прапусцяць, дойдуць і пачуюць. Дарэчы, ведаю, што з-за выступаў прыйшлося ахвяраваць адпачынкам, нават квіткі здаваць. Ці атрымалася ўсё ж адхапіць летняй расслабленасці? І наколькі ўвогуле напружаны лад жыцця ветэрана айчыннага рок-н-рола?

— Ды ніякі ён не напружаны. Быў бы такім, калі б шмат працы было. А так яе няма, жыву сам па сабе, як атрымліваецца. Займаюся: на гітары граю, пішу песні. Убачаць яны свет, будуць запатрабаваныя, будуць на іх тэксты напісаныя — не ведаю. Як будзе — так будзе. Час ляціць хутка, таму не ведаю, колькі яшчэ альбомаў будзе, ці будзе ўвогуле «Крама» існаваць. Пакуль існуюць і «Крама», і я. Можна лічыць, што ўсё добра.

Квіткі на канцэрт можна набыць на сайце AFISHA.TUT.BY.

Кошт квіткоў: ад 180 000 рублёў.
Даведкі: 8 (029) 649 08 88.
Все фильмы онлайн
Все фильмы онлайн
Все фильмы онлайн
  • Скидка до 20% на квест "Во сне с Фредди Крюгером" в PodZamkom
Все заведения
0058931