Звезды


Наталля Стрыжак, Фота: Аляксандр Ждановіч,

Цікавосткамі вялікага сольнага канцэрта, а таксама ўспамінамі пра самыя запамінальныя выступы ў гісторыі "Троіцы" дзеляцца ўдзельнікі этна-трыа Юрый Паўлоўскі, Іван Кірчук і Юрый Дзмітрыеў. Сустрэцца з музыкамі можна ў ПК імя Шарко 27 красавіка.

За 16 гадоў свайго існавання найцікавейшы беларускі калектыў паўдзельнічаў больш як у сотні буйных музычных фестываляў, пабываў у розных кутках планеты - ад Малайзіі да Партугаліі, даў незлічоную колькасць канцэртаў.

Фота: Аляксандр Ждановіч
Канцэрт у малой зале КЗ "Мінск" (2013 г.)

"Гэта першы вялікі сольны канцэрт "Троіцы" ў 2015 годзе. На сцэне, як заўжды, мы будзем утрох, а вакол нас - шмат інструментаў. У мяне, як звычайна, барабан, чаймс - перкусійны інструмент, ён утварае эфект бубянцоў, ды турэцкая дарабука, набытая ў Нямеччыне. А вось у Івана Іванавіча - цэлы "аркестр" інструментаў, якія ён будзе ўжываць падчас усяго канцэрта, - распавядае перкусіяніст гурта Юрый Паўлоўскі. - Спадзяюся, мы парадуем слухачоў новымі кампазіцыямі, якія яшчэ нідзе не выдаваліся, а таксамаў ужо вядомымі песнямі ў новай апрацоўцы. Хочацца, каб канцэрт сабраў поўную залу і ва ўсіх, хто прыйдзе да нас, застаўся добры настрой!"

facebook.com
facebook.com

 Тройка самых незвычайных канцэртаў "Троіцы" ад Юрыя Паўлоўскага

Самае кароткае знаходжанне на фестывалі WOMAD Russia (Пяцігорск, 2013). Мы 35 гадзін ехалі ў цягніку з Мінска. У 10.00 прыехалі на месца, у 15.00 зладзілі выступ на 45 хвілін, а ў 19.00 ужо сядзелі ў цягніку, каб ехаць на Мінск - зноўку 35 гадзін.

Самы далёкі ад Мінска канцэрт адбыўся на фестывалі RAINFOREST WORLD MUSIC на выспе Барнэа (Кучынг, Малайзiя, 2002).

Таксама запомніўся выпадак з фестывалю "Пустые холмы" (Таруса, Расія, 2005) - пасля канцэрта нас везлі да гатэля на нейкай "буханцы", якая ледзь не перакулілася ў бруд".

Фота: Аляксандр Ждановіч

"Для "Троіцы" пачынаць год з вялікага канцэрта - добрая традыцыя. Заўсёды яны адбываліся ў філармоніі, але гэтым разам выступім на новай для нас сцэне", - кажа заснавальнік, лідар і вакаліст гурта Іван Кірчук.

Мы рыхтуем да запісу новую праграму і, як заўжды, падыходзім да гэтага вельмі старанна. Звычайна праца над альбомам працягваецца тры-чатыры гады. І вось мы амаль цалкам падрыхтавалі тую праграму, якая будзе на новай кружэлцы. Назву пакуль не прыдумалі, таму што трэба прапісаць усе трэкі… Канцэрт заўсёды дае магчымасць паглядзець, як уплываюць на слухача новыя творы або як людзі адчуюць сябе ў новай музыцы "Троіцы".

Сёння, канешне, даволі складаная фінансавая сітуацыя і малая зацікаўленасць этнічнай музыкай. Хочацца, каб беларусы болей цікавіліся сваім. Мы чакаем гледачоў на канцэрце! Ваканаем тыя кампазіцыі, якія ўжо гучалі - "Цар-агонь", "Мядзведзь", а таксама новыя творы - "Святая Зямля", "Яшчар". Узгадаем і старыя песні. Праграма будзе вельмі насычанай, гадзіны на паўтары-дзве.

Падчас выступу, у залежнасці ад праграмы, я выкарыстоўваю розныя інструменты. На гэтым канцэрце няма мэты паказаць вялікую колькасць інструментаў, бо галоўны акцэнт зроблены на новую праграму. Канешне, мы выкарыстаем усе інструменты, якія ў ёй задзейнічаныя. Шмат у якіх песнях я граю на інструменце, зробленым вядомым майстрам Усеваладам Жукоўскім з Мар’інай Горкі. У мяне яго смык - струнны інструмент, крыху падобны на скрыпку, але мае іншую форму. Гэты інструмент ужо прыжыўся ў нашым калектыве.

Ёсць новыя гуслі, якія мы атрымалі ў падарунак ад нашага прыхільніка беларуса Паўла Крыжа, які жыве ў Сібіры. Але я па іх не паехаў, таму што вельмі далёка. Ён пераслаў гэты інструмент у Маскву вядомым этна-музыкам Сяргеем Старасціным. І я ездзіў у Маскву, каб забраць наш падарунак, які вельмі прыгожы, якасна зроблены і цудоўна гучыць. Мы пачалі пакрыху ўключаць яго ў нашу праграму.

Будуць і дудкі розных майстроў, і акарыны амаль з усяго свету.

На нашых канцэртах прысутнічаюць старадаўнія рушнікі і посцілкі, бо я лічу, што сцэну ўпрыгожваць трэба. Ёсць, канешне, некаторыя сакрэты наконт гэтага - не магу ўсяго расказаць, бо гэта нейкія мае забабоны-чары. Як мы выконваем старадаўнія песні, то чаму б не ўпрыгожыць сцэну адпаведнымі рушнікамі, посцілкамі, на якіх мы працуем амаль 16 год?

Сядзіш на такой посцілцы, і здаецца, што яна нібы дыван-самалёт са старадаўніх казак. Менавіта з гэтых посцілак і песні, і казкі, і тыя фрагменты замоў, якія гучаць у песнях… Пачыналі мы некалі з аднаго рушнічка, які заўсёды клаўся пад мае дудачкі, акарыны… Яго мне падаравала майстрыха з Палесся. Потым з’явіўся яшчэ адзін рушнічок. А паколькі ў мяне свой уласны музей, то я магу выкарыстоўваць на сцэне розныя рэчы - бывае, і шмат усялякіх гліняных гаршкоў, з якіх выцякаюць рушнікі, посцілкі і розныя паясы. Гэта залежыць ад настрою, ад падрыхтоўкі праграмы, заўсёды па-рознаму.

Фота: Аляксандр Ждановіч

Тройка самых запамінальных канцэртаў "Троіцы" ад Івана Кірчука

Галандыя, лета 1999. Першы канцэрт "Троіцы" ў новым складзе. Мы адкрывалі і закрывалі знакаміты фестываль OEROL. А яшчэ цягам дзесяці дзён гралі па тры канцэрты і паказвалі батлейку - лялечны тэатр, у якім мы ўсе прымалі ўдзел. Гэта ўжо гісторыя гурта.

Малайзія, лета 2002. Мы купаліся ў моры, а Марцін (наш сябар з Галандыі) прыйшоў і паведаміў, што сёння ў нас ёсць яшчэ адзін незапланаваны канцэрт у каледжы. Мы паехалі не вельмі задаволеныя, але потым доўга смяяліся. Справа ў тым, што нас сутрэла вялікая колькасць дзяцей. Яны ўсе былі невысокага расточку і быццам бы ўзялі нас у палон. Нешта гамоняць, некаторыя цягнуць за рукі... Я імкнуся адбіцца ад іх. Але Марцін праз перакладчыка сказаў, што цягнуць за рукі дырэктар і яго намеснік. Як я мог іх адрозніць ад вучняў каледжа? Яны ўсе былі мне па пояс! Пасля ўдалага акустычнага канцэрта "Троіцы" мы яшчэ доўга фатаграфаваліся з гэтым "маленствам".

Варшава, кастрычнік 2010. Канцэрт, дзякуючы якому мы спаткаліся і пазнаёміліся з Томакам Рагулям і яго студыяй. Потым ён зрабіў выдатны запіс нашай кружэлкі "Зімачка", якая атрымала ў Беларусі 10 узнагарод!

Фота: Аляксандр Ждановіч
Фота з юбілейнага канцэрта ў Белдзяржфілармоніі.

"Большая частка нашага канцэрта будзе адведзена кампазіцыям з новай праграмы. Частку з іх мы ўжо выконвалі не адзін раз, а некаторыя гралі толькі аднойчы на адным з мінулых канцэртаў. Цяпер мы значна перапрацавалі гэтыя кампазіцыі", - удакладняе гітарыст Юрый Дзмітрыеў.

На канцэрце публіка пачуе тое, чым жыве "Троіца" сёння: працяглыя разгорнутыя рознахарактарныя кампазіцыі, кожная з іх каля 10 хвілін даўжынёй. Мы выканаем усе новыя творы і паспрабуем аб’яднаць у адну праграму, што складзе наш новы альбом, над якім мы цяпер актыўна працуем.

Узгадаем нешта са старых праграм… Напрыклад, з праграмы "Журавы" выканаем песні, якія даўно не гралі: "Сонюшка", "Прыкракнула", - але яны прагучаць у абноўленым варыянце. Пакуль мы адбіраем старыя творы і перапрацоўваем іх, бо нам ужо неяк нецікава выконваць іх у першапачатковым выглядзе.

Мой набор інструментаў будзе традыцыйны - гітара і домбры, а Іван Іванавіч возьме ў рукі новыя гуслі. На гэтым канцэрце яны пачнуць ужывацца ў праграму.

Паслухаўшы новыя рэчы, гледачы змогуць зразумець, чым дыхае "Троіца" сёння і куды будзе рухацца ў бліжэйшы час. Мы не ставім мэту зрабіць нейкае відовішча. Шоу ў тым, што мы будзем актыўна працаваць утрох. Вельмі хочацца, каб у нас усё атрымалася на новай сцэне і каб у публікі засталося прыемнае ўражанне ад канцэрта!

Фота: Аляксандр Ждановіч

Тройка самых запамінальных канцэртаў "Троіцы" ад Юрыя Дзмітрыева

Асабіста я добра запомніў наш канцэрт на фестывалі MATAV KALAKA (Мiшкольц, Венгрыя, 2000). Недзе на сярэдзіне песні "Галя" адключылася электрычнасць. Перад намі натоўп гледачоў, і ўсе яны чакаюць, што ж мы будзем рабіць. Мы даігралі "Галю", але відавочна, што нават першыя шэрагі не пачулі нічога. Але мы не разгубіліся, селі, звесіўшы са сцэны ногі, і выканалі "Яблынь" без падгучкі. Юрый Паўлоўскі дапамагаў нам барабанамі, якія былі чутны. Публіка была ўражана, а мы сталі героямі вечара - усе хацелі з намі сфатаграфавацца і ўзяць аўтограф.

Незвычайны канцэрт адбыўся на буйным міжнародным панк-фестывалі ў Боснiі i Герцагавiне, дзе мы апынуліся раптоўна ў якасці гледачоў. Пазнаёміліся з арганізатарамі, якія прапанавалі нам выступіць перад хэдлайнерамі. Мы разумелі, што не вельмі ўпісваемся ў фармат фестывалю з нашымі інструментамі, але прынялі авантурнае рашэнне выступіць. Я ўзяў у музыкаў, якія там былі, электрычную гітару, Паўлоўскі сеў за стандартныя барабаны, а Іван Іванавіч быў вольным спеваком. Арганізатарам так спадабаўся наш выступ, што яны запрасілі нас на наступны дзень адкрыць фестывальную праграму. Калі мы пачалі граць, было цікава назіраць за тым, як з розных кустоў-пералескаў сталі выходзіць людзі з іракезамі і набліжацца да сцэны, каб паглядзець, што ж гэта за дзіўныя музыкі. Такім чынам мы гралі каля гадзіны.

Цікавы канцэрт быў таксама ў Босніі - на гары падчас буйнога джаз-фэсту, дзе не было навад сцэны, а мікрафоны чаплялі на нейкія палкі, але атмасфера была цудоўнай.

А ўвогуле, так ці інакш, помняцца ўсе канцэрты!
Все фильмы онлайн
Все фильмы онлайн
Все фильмы онлайн
  • Скидка до 20% на квест "Во сне с Фредди Крюгером" в PodZamkom
Все заведения
0058931