• Горящее событие
Мы снова снизили цены на билеты

Подробнее о событии

Маша и Медведь Смотри сейчас


Анастасия Величко / Фото: Марина Серебрякова /

«Моладзь ужо не тая», — любіць бурчэць старэйшае пакаленне. Аднак арганізатары канферэнцыі TEDxYouth@Minsk, якая прайшла ў Мінску ў мінулую суботу, лічаць інакш. І тыя дзесяць падлеткаў, што прэзентавалі свае праекты з вялізнай сцэны — таксама. Пра тое, як простыя школьнікі змяняюць свет вакол сябе, — у нашым рэпартажы.

Інтэлектуальная канферэнцыя для падлеткаў TEDxYouth@Minsk праходзіць у Беларусі ўпершыню. Гэта фінал сацыяльна-адукацыйнага праекта velcom YOUTH, ініцыятарамі якой выступілі velcom | A1, арганізатары канферэнцый TEDxMinsk і Міністэрства адукацыі. Што прыемна, TEDx таксама першы раз праводзіцца менавіта на беларускай мове.

Перадгісторыя: праца над сацыяльна-адукацыйным праектам velcom YOUTH пачалася яшчэ восенню. Арганізатары анансавалі збор заявак сярод вучняў 10 і 11 класаў па трох кірунках: тэхналогіі, культура і інклюзія. Яны даслалі журы свае справаздачы ў відэафармаце.

Арганізатары конкурса атрымалі амаль тысячу заявак. Аднак правіла есць правіла: пасля ўсіх этапаў журы абрала сярод дасланых ідэй дзесяць найлепшых — іх аўтары і прэзентавалі на вялікай канферэнціі TEDxYouth@Minsk.

З мікрафонамі на сцэне: кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom | A1 Мікалай Брэдзелеў, кіраўнік галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс, арганізатар і ліцэнзіят TEDx у Мінску Інна Карней

Перад тым, як аказацца на сцэне Prime Hall, гэтым дзесяці фіналістам прыйшлося прайсці доўгі шлях: падрыхтаваць прэзентацыю, папрацаваць з ментарам і, вядома, навучыцца размаўляць з аўдыторыяй.

Робат тлумачыць фізіку, QR-код — гісторыю

Выступаць першым заўсёды цяжка. Але, здаецца, гэта не пра Ілью Баркоўскага, які ўсталяваў шыльды з QR-кодамі на знакавых будынках Гомеля і нават распрацаваў уласны турыстычны маршрут. Сёння Ілья расказвае, як пашырыць турыстычную інфраструктуру яго роднага горада, і робіць гэта вельмі віртуозна.

Усё пачалося з партрэта мужчыны на адным з будынкаў: хлопец ніяк не мог зразумець, хто гэта. Аказалася, што незнаёмы на сцяне — знакаміты гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі.

— Калі прайсці па цэнтры горада, можна пабачыць як мінімум тры будынкі, да якіх мае дачыненне Шабунеўскі. Побач з імі, дарэчы, робяць шмат здымкаў для Instagram, — распавядае Ілья.

Разам з аднакласніцай хлопец зрабіў даследчую працу: даведаўся, чым жыў архітэктар, што ён зрабіў для Гомеля, што з гэтага захавалася да нашых дзён. Наступным крокам юнага даследчыка стаў запуск сайта, прысвечанага жыццю Станіслава Шабунеўскага.

Аднак і гэтага хлопцу падалося мала. Таму ён распрацаваў QR-код і падрыхтаваў шыльды, якія можна размяшчаць на будынках, — усё для таго, каб жыхары і госці Гомеля змаглі даведацца пра гісторыю горада.

Дамовіцца пра размяшчэнне кодаў на будынках з мясцовымі ўладамі Ільі дапамагла школа. Крыху пазней хлопец распрацаваў і турыстычны маршрут па горадзе. Знайсці яго можна таксама па QR-кодзе: шукайце шыльду на Доме-камуне, што побач з вакзалам.

Ідэя зрабіць урокі фізікі больш карыснымі і захапляльнымі прыйшла да мінчаніна Цімафея Стамброўскага раптоўна: у школе, дзе ён вучыцца, прайшоў майстар-клас па робататэхніцы. Гэта натхніла хлопца — амаль адразу пасля мерапрыемства ён разам з сябрамі пачаў працаваць над уласным праектам.

Зрабіць робата — не надта складаная задача: для гэтага патрэбны агульнадаступны канструктар. А вось каб ён пачаў працаваць на карысць вучняў, трэба зрабіць мабільны дадатак. І Цімафей такі стварыў: пакуль што толькі для аперацыйнай сістэмы Android, але ў планах і iOS.

— Інтэрфейс дадатка інтуітыўна зразумелы і вучням, і настаўнікам.

Цімафей кажа, што ў яго школе навінкай пачалі карыстацца, і адзначае, што зацікаўленасць фізікай у сувязі з гэтым толькі павялічваецца.

«У іх абмежаваныя магчымасці, а не здольнасці»

Шмат праектаў было прысвечана тэме інклюзіі. Сяргей Берлін з Брэста з дзяцінства гуляе ў шахматы і хоча зрабіць шахматныя турніры даступнымі для людзей з хворым зрокам. А для таго, каб усе ўдзельнікі былі ў роўных умовах, Сяргей прапануе шахматыстам… заплюшчыць вочы!

Хлопец лічыць, што такі падыход дамапожа сацыялізавацца не толькі людзям з інваліднасцю, але і ўсім астатнім гульцам. Апошнія змогуць зразумець, як жывецца тым, хто амаль нічога не бачыць.

Адпаведны інклюзіўны турнір Сяргей разам з маці ўжо правёў у Жабінкаўскай школе-інтэрнаце для людзей з хваробамі зроку. Восенню адбудзецца яшчэ адзін такі турнір у рамках фестывалю «Чорная пешка». Хлопец спадзяецца, што на яго прыедзе яшчэ больш невідушчых.

Юлія Стэфняк з Мінска ведае, што такое абмежаваныя магчымасці, не па чутках: яна з дзяцінства прыкаваная да інваліднага вазка. Аднак гэта зусім не перашкаджае дзяўчыне весці актыўны лад жыцця. Яна на роўных з іншымі вучыцца ў каледжы і распрацоўвае мабільны навігатар для тых, каму цяжка ці ўвогуле немагчыма перасоўвацца без дапамогі.

Разам з валанцёрамі Юля складае інтэрактыўную мапу, якая адлюстроўвае рэальную карціну «безбар'ернасці» ў Мінску. Юля марыць, каб у бліжэйшай будучыні мабільны навігатар паказваў людзям з інваліднасцю самы зручны маршрут.

Ведае, як цяжка бывае людзям з абмежаванымі магчымасцямі, і Паліна Мураева. Простая сварка з аднакласнікамі скончылася для дзяўчынкі не толькі пераломам пазваночніка, але і развітаннем з тым, чым Паліна «гарэла» з дзяцінства — танцамі.

Дзяўчына згадвае, што на працягу трох гадоў яна толькі і рабіла, што шкадавала сябе. Здаралася, што ад болю нават не магла заснуць. Аднак аднойчы, убачыўшы ў горадзе вулічных танцораў, Паліна зразумела: прыйшоў час нешта змяніць. Перасільваючы боль, яна вярнулася ў харэаграфічны клас. Першы час было невыносна, аднак дзяўчына змагалася з сабой і сваім целам, бо танцы — гэта тое, што робіць яе шчаслівай.

Праект Паліны — інклюзіўная арт-прастора, дзе людзі з інваліднасцю змогуць займацца творчасцю. Чаму проста не зладзіць асобны гурток? Дзяўчына лічыць, што гэта абмяжоўвае: чалавек часам не ведае, што дакладна яго цікавіць, таму яму трэба паспрабаваць розныя кірункі. У Паліны амаль усё гатова: ёсць праект памяшкання з улікам усіх нормаў і людзі, гатовыя падтрымаць яе ініцыятыву. Цяпер яна стварае сайт, дзе будзе размешчаны распарадак майстар-классаў у арт-прасторы, і шукае памяшканне.

«Цяпер я ведаю, што мой праект істотны»

За выбар найлепшых выступенняў адказвала журы, у лік якога ўвайшлі кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom | A1 Мікалай Брэдзелеў, арганізатар і ліцэнзіят TEDx у Мінску Інна Карней і кіраўнік галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс, акцёр Купалаўскага тэатра Міхаіл Зуй, кіраўнік сямейнага інклюзіў-тэатра «і» Ірына Кісялева і дырэктар па працы з супрацоўнікамі кампаніі EPAM Кацярына Прэткель.

Пераможцамі сталі Ілля Баркоўскі, які размясціў QR-коды на будынках, робататэхнік-фізік Цімафей Стамброўскі і стваральніца інклюзіўнай арт-прасторы мінчанка Паліна Мураева.

Мы паразмаўлялі з кожным з іх.

Ілля кажа, што дагэтуль не можа паверыць у перамогу: ішоў хлопец зусім не за ёй.

— Я хацеў падзяліцца сваім праектам: як бы гэта нясціпла не гучала, разумеў, што мая праца вельмі істотная. І рабіць гэта можна не толькі ў Гомелі, але і ў іншых гарадах і нават краінах, — з гонарам распавядае Ілля. Нягледзячы на тое, што яго праект не толькі пра гісторыю, але і пра тэхналогіі, Ілля праграмаваннем не цікавіцца. Кажа, што ён абсалютны гуманітарый. Плануе паступаць на журфак БДУ.

Ілля Баркоўскі

— Сёння я ўжо працую пазаштатным карэспандэнтам у адной з гомельскіх газет. Планую звязаць жыццё са сферай камунікацый, — дзеліцца хлопец.

Тым самым па жыцці хоча займацца і Паліна Мураева. Аднак да паступлення ў ВНУ ёй застаецца яшчэ год, таму дзяўчына пакуль не спяшаецца з выбарам навучальнай установы і займаецца тым, што ей па душы.

Паліна Мураева

— Я танчу, малюю, асвойваю гітару, — распавядае дзяўчына. — Вельмі хутка знаходжу тое, што мне цікава, аднак не кідаю, што ўжо пачала. Хутчэй, назапашваю.

Паліна і яе сям’я шмат гадоў жывуць у Беларусі, аднак родам яны не адсюль. Таму размаўляць на беларускай мове, ды яшчэ на публіку, дзяўчыне было складана:

— У школе беларускую мову выкладаюць адну гадзіну ў тыдзень, — адзначае дзяўчына. — Аднак я змагла падрыхтавацца — як і ўсе астатнія фіналісты.

Што тычыцца праекта «Разам» — менавіта так называецца праца, якую прэзентавала Паліна — ён амаль запушчаны:

— Есць людзі, якія хочуць нас падтрымаць, ёсць фонды. Аднак дапамогі ніколі не бывае зашмат. І мы спадзяёмся, што пасля такой агалоскі нас падтрымаюць і фінансава, — кажа аўтарка ідэі.

Цімафей Стамброўскі таксама плануе развіваць свой праект:

Цімафей Стамброўскі

— Я прыйшоў на гэты конкурс, каб зразумець, ці патрэбна мая ідэя грамадству. Цяпер бачу, што праект істотны, — кажа ён.

Распытваем, колькі каштуе стварыць робата, які сёння разам з Цімафеем уражваў журы. Той кажа, што кошт цудатэхнікі - каля 1000 рублёў:

— Гэты робат збіраецца са спецыяльнага набору LEGO. Аднак трэба разумець, што гэта канструктар, з якога можна зрабіць некалькі розных мадэляў. Спачатку збіраеце аднаго, потым разбіраеце — і збіраеце іншага, каб вывучаць іншую тэму фізікі, — тлумачыць пераможца.

Тройка пераможцаў хутка адправіцца на вялікую канферэнцыю TEDx у Аўстрыю. Акрамя гэтага, усе 10 фіналістаў у якасці ўзнагароды атрымалі смартфоны iPhone XS.

TEDxYouth@Minsk: як гэта было.

Партнер проекта:

Розыгрыш билетов!

Новый розыгрыш в приложении "Афиша TUT.BY"! Можно бесплатно получить билеты на рок-концерт

Все заведения