Бункер Смотри сейчас


Ва ўсім свеце 21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы. Ён ушаноўвае памяць 5 студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бенгалі стуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш, і загінулі ў гэты дзень.

Апошнім часам у Дзень роднай мовы і ў Беларусі адбываюцца тэматычныя культурныя мерапрыемствы. AFISHA.TUT.BY зрабіла падборку падзей, якія дазволяць вам адпачыць па-беларуску з нагоды моўнага свята.


Дзень роднай мовы




Пад дэвізам "Слухай сваё" адбудзецца Дзень роднай мовы ў Jack Club. У музычным фэсце прымуць удзел як маладыя гурты Варона, UNIA, ZnaROCK, Р'э Мажор, BLAGI MAT!!!, так і вядомыя беларускія артысты Аляксандр Памідораў, Аляксандр Кулінковіч і Юрый Навумаў. Арганізатары перакананыя: няхай лічаць, што беларуская мова знікае, імпрэза давядзе адваротнае.

Дзе: Jack club, Мінск вул. Няміга, 12.
Калі: пачатак у 20.00.
Уваход: 70 000 рублёў.

Свята роднай мовы




Заяўленая праграма вялікага "Свята роднай мовы" уразіць любога маштабам і разнастайнасцю прапанаваных цікавостак. Яно пройдзе ажно на 2 паверхах бізнэс-клубу Imaguru. Уся святочная пляцоўка падзеленая на тэматычныя зоны, дзе з абеду да вечару будуць ладзіцца прэзентацыі, музычныя, тэатральныя ды паэтычныя выступы, а таксама лекцыі, майстар-класы, гульні.

Пералічыць усе пункты праграмы немагчыма, лепей паглядзіце яе цалкам. Спынімся хіба на некаторых незвычайныя для беларускіх івэнтаў яе пунктах: выступ беларускамоўнай каманды КВЗ, прэзентацыя беларускамоўнай версіі камп’ютарнай гульні "Легенды Эйзенвальда", прывітанне на беларускай мове ад жыхароў 32 краін свету, усебеларуская дыктоўка, майстар-клас па дадаванню артыкула ў Вікіпедыю, беларускі стэндап ды выстава плакатаў.

Калі вы ўжо шмат чаго робіце па-беларуску ці толькі хочаце пачаць, "Свята роднай мовы" стане для вас выдатным памочнікам у гэтай справе. Можна і самому паўдзельнічаць, і шмат цікавага дазнацца.

Дзе: бізнэс-клуб "Imaguru", Мінск, вул. Фабрыцыўса, 4.
Калі: 22 лютага ў 14.00.
Уваход: 30 000 рублёў, дзецям да 12 гадоў уваход вольны.


Сакрэт сапраўднага сяброўства


beltuz.by

Калі хочаце далучыць да роднай мовы дзіцёнка, ідзіце ў тэатр. На сцэне ТЮГ акурат у Дзень роднай мовы можна паглядзець казку-гульню Ягора Лёгкіна "Сакрэт сапраўднага сяброўства". Спектакль раскажа вам гісторыю пра адносіны, якія прайшлі выпрабаванне, але не зніклі, а яшчэ больш умацаваліся. І хаця галоўнымі героямі выступаюць звычайныя жабяняткі, сяброўства іхняе аказваецца моцным і непарушным. Маляўнічы, вясёлы спектакль з песнямі і скокамі сабраў вельмі шмат добрых водгукаў ад бацькоў і маленькіх гледачоў.

Дзе: Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, г.Мінск, вул. Фрунзэ, 5.
Калі: 21 лютага ў 11.00.
Кошт: ад 55 000 да 75 000 рублёў.

Масленіца


Фото: Александр Корсаков, TUT.BY

Калі прагнеце бліжэй пазнаёміцца з беларускімі традыцыямі, то абавязкова наведайце музей народнай архітэктуры і побыту. У гэтым годзе Дзень роднай мовы супадае з Масленіцай, з якой у беларусаў звязана мноства абрадаў і цікавых звычаяў. Нашыя продкі адзначалі цэлы масленічны тыдзень. Госці Азярца здолеюць дазнацца, як яны гэта рабілі, і "наведаць" усе дні бліннага цыклу. Народныя песні, батлейка, майстар-класы, на якіх можна будзе зрабіць ляльку-абярэг, не толькі пакажуць багацце нашай культуры, але і дазволяць кожнаму абудзіць сваю беларускую аўтэтнычнасць.

Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо.
Калі: 21 лютага ў 10.00.
Кошт: 40 000 - для школьнікаў, 60 000 - для студэнтаў і пенсіянераў, 80 000 - для дарослых, 200 000 - сямейны квіток.

Нямое каханне


rtbd.by
rtbd.by

Беларускі тэатр - гэта не толькі класічныя творы школьнай праграмы, але і пастаноўкі, якія распавядаюць пра сучасныя рэаліі. Герой "Нямога кахання", напрыклад, працуе ў начным клубе дыджэем, а дзяўчына, што становіцца яго абранніцай, звычайная прыбіральшчыца. Аднак спектакль не проста драматычная пастаноўка пра самае светлае пачуццё на свеце, а тэатральны эксперымент, мікс з танцавальных і вакальных нумароў. У праекце заслужанага артыста Беларусі Ігара Сігава прымаюць удзел творчыя калектывы “Дыліжанс-jazz”, SKVO’S DANCE COMPANY, цыганскае шоу "АЛЮР", эпатажная MA$HA і іншыя выканаўцы.

Дзе: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, г. Мінск, вул. Крапоткіна, 44.
Калі: 21 лютага, 19.00.
Кошт: 105 000 рублёў.

Розыгрыш билетов!

Новый розыгрыш в приложении "Афиша TUT.BY"! Можно бесплатно получить билеты на "Рок за Бобров"