Кругозор


Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ,

Апошнія тыдні ў народзе пачалі хадзіць чуткі пра тое, што мінскі кінапракат здае пазіцыі. Маўляў, толькі 6 прэм'ер у чэрвені. Столькі ж у ліпені. Крызіс перамог прадпрыемства УП "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама? Не, сцвярджае генеральны дырэктар Васіль Коктыш. Вось у верасні, напрыклад, у Мінску адбудзецца адразу 16 кінапрэм'ер. Чаму ж улетку ў кінажыцці сталіцы — зацішша?

Пра гэта, а яшчэ пра тое, колькі сёння каштуе мінская кінатэатральная сетка, што калісьці ў мінскія кінатэатры прыходзілі пагрэцца і выпіць гарэлкі, што за 4D-кіно хутка можна будзе паглядзець у Мінску і што чуваць пра абласныя кінапракаты, распавядае Васіль Пятровіч.

Наогул, Васіль Коктыш — цікавы чалавек. Выдатна ведае гісторыю беларускага кінапракату і адчувае сябе ў кінапрамысловасці як рыба ў вадзе. Ён любіць гаварыць: "Сапраўдны кінапракатчык кіно адчувае скурай. Мінчанам пашчасціла. Я якраз у ліку такіх людзей". І гэта зусім не камплімент сабе любімаму. Васіль Пятровіч заўжды амаль на 100% дакладна прадказвае, якія фільмы выклічуць попыт у гледача, а якія застануцца незаўважанымі; якія фільмы збяруць больш грошай, а якія больш душэўныя і якасныя. Таму яго прадпрыемства развіваецца сапраўды зайздроснымі тэмпамі. І сёння, як сцвярджае сам Васіль Пятровіч, мінскі кінапракат знаходзіцца у Сусветнай Лізе кінапракатных арганізацый. Мінску адначасова з усім светам даступны бадай усе прэм'еры сезона.

Недарагое задавальненне

— У ліпені па колькасці наведванняў мы наблізіліся да савецкага перыяду, калі было 2-3 тэлеканалы, па якіх не паказвалі новыя фільмы, не было DVD, не было інтэрнэту і ўсе хадзілі ў кіно. Сёлета ліпень па колькасці наведванняў абгоніць нават студзень — самы папулярны месяц для паходаў у кіно. У савецкі перыяд у Мінску было 12 млн гледачоў за год. У мінулым годзе ў нас было 4,5 мільёна за год. Сёлета ўжо 2,5 за паўгоддзе плюс 600 тысяч за ліпень. Мы выходзім за гэты год як мінімум на 5 млн гледачоў. Калі забяспечыць тэмпы развіцця, якія мы дасюль трымалі, дасягнуць 15 мільёнаў гледачоў цалкам рэальна.

Сярэдні кошт квітка ў кіно ў краінах СНД — 7,1 долара. Кошт і ў нас супадае. Толькі не ў доларах, а ў беларускіх рублях. 7160 руб — сярэдні кошт квітка ў мінскія кінатэатры. Гэта з улікам спецыяльных дзіцячых сеансаў па 1000 і 1500 руб. У Маскве сярэдні кошт, напэўна, больш за 10 долараў. Пры ўсіх гэтых эканамічных паказчыках і нізкім кошце квіткоў нас прынялі ў Вышэйшую лігу кінапракату. Па цэнах нам задаюць пытанні, але мы не збіраемся заганяць гледача ў кут коштам квітка. Я лічу, што кіно павінна быць даступнае для ўсіх. У тым ліку і для дзяцей. Сёння першыя месцы займае мультыплікацыя: "Шрэк", "Рыа", "Кунг-фу панда", "Шчаўкунок і Пацучыны кароль" і інш. На такую анімацыю сёння ходзяць сем'ямі і не па дзіцячых квітках. Калі ў Германіі ў кіно ідзе сям'я з 10 чалавек і там квіток каштуе 8 еўра, то яны плацяць 80 еўра. У нас тое самае, таму што праваўладальнікі нам не дазволяць анімацыйныя блокбастары паказваць па нізкіх цэнах.

Ніводная краіна не можа паказаць УСЕ прэм'еры. Краіны аб'яднанай Еўропы ў год выпускаюць каля 800 фільмаў, і 900 фільмаў выпускае Галівуд. Плюс фільмы расійскай вытворчасці. Гэта значыць, усе фільмы паказаць немагчыма — не хопіць экранаў. Калі б было ў нас 2000 экранаў, тады мы маглі б паказаць 2000 прэм'ер. Экранаў у нас менш, чым у той жа Маскве, мы вымушаны з добрых фільмаў выбіраць найлепшыя. А гэта таксама дасягненне.

Мінскі кінапракат прывязаны да расійскага рынку, гэта натуральна. Мы можам купляць фільмы наўпрост у Лондане. Але кошт будзе якасна адрознівацца, і прэм'ер будзе менш. У Расіі мы купляем не самі фільмы, а правы паказу. Фільмы нам даюць бясплатна. З Расіі мы атрымліваем іх адразу дубляваныя, тыражаваныя. Заказваем неабходную колькасцю копій. Калі б мы заказвалі ў Лондане, пра сусветныя прэм'еры можна было б забыць. Трэба было б плаціць за дубляванне і тыражаванне. Таму нам вельмі выгадна і зручна працаваць адначасова з расійскім рынкам і набываць у іх цалкам гатовыя для паказу карціны.

У нашых планах на гэты год было адкрыццё яшчэ трох 3D-кінатэатраў: "Бярэсце", "Мір", "Аўрора". Але з-за крызісу давялося адкарэктаваць свае планы, сёння мы спыняемся толькі на "Бярэсці". Рамонт "Кастрычніка" адкладаецца як мінімум да 2013 года.

Насамрэч прывесці кінатэатр у належны стан вельмі складана і дорага. Тут трэба думаць і пра тэхнічнае аснашчэнне, і пра камфортныя ўмовы для гледачоў. У "Бярэсці" ўжо ёсць 3D-абсталяванне. І гэта нам абышлося ў 370 мільёнаў бел. руб.

"Мы адны з нямногіх, хто мые акуляры пасля кожнага сеанса"

— Да 4D-фільма "Дзеці шпіёнаў", які хутка з'явіцца ў нашым пракаце, мы паставіліся насцярожана, ведаючы нашага патрабавальнага гледача. Элемент 4D там у тым, што кожнаму гледачу перад паказам фільма будуць даваць спецыяльную картку (пласцінку), пры дапамозе якой падчас прагляду можна будзе адчуваць розныя пахі. Мы самі іх яшчэ не бачылі, атрымаем разам з фільмамі. Але нас запэўнілі, што ўсе сертыфікаты міжнародныя на гэта ёсць, ніякай алергічнай рэакцыі быць не можа. Мы заказалі 10 тысяч картак. Нам фільм проста не давалі без гэтых картак. Сказалі: "Слухайце, ну вы што! Вы астравіцяне нейкія ці хто?" Проста ніхто такіх пытанняў не задае. Да таго ж у пачатку фільма тлумачаць, як карыстацца гэтымі карткамі. А калі ў нас іх не будзе, то ў гледачоў узнікне пытанне: чым карыстацца?

Мы адны з нямногіх, хто мые акуляры пасля кожнага сеанса 3D. Гэта не так ужо і танна, і страта часу. І таму ў нас паміж сеансамі ЗD большыя перапынкі. У ЗША ЗD-акуляры проста праціраюць сурвэткамі. Але мы ад граху падалей... Не дай Бог у некага кан'юнктывіт утворыцца, і яны абвінавацяць нас.

"Мы маглі б быць адной камандай"


— Вельмі хочацца, каб рэгіёны развіваліся гэтак жа, як развіваецца Мінск. У мяне яшчэ "дзяржкіношнае" мысленне і я вельмі балюча перажываў развал беларускага кінапракату пасля развалу СССР. Дарэчы, у 1997 годзе Мінск быў на апошнім месцы сярод усіх гарадоў Беларусі па якасці матэрыяльна-тэхнічнай базы кінатэатраў. У савецкія часы было шмат неабгрунтаваных дзеянняў у сферы кінапракату. У 1956 годзе аб'ядналі Міністэрства па кінематаграфіі з Міністэрствам культуры. У 1963 годзе, калі развалілі ўсю матэрыяльна-тэхнічную базу, спахапіліся: а што ж мы нарабілі! Тады стварылі Камітэт па кінематаграфіі. Сёння ўзровень развіцця ў рэгіёнах розны. Мы маглі б быць адной камандай і нават адной кінатэатральнай сеткай. Але пра гэта нават не ідзе гаворка, таму што ў нас абсалютна розныя падыходы. Калі Мінск будзе чакаць рэгіёны, то можа спазніцца з пераходам на "лічбу". Для параўнання: у савецкі час удзельная вага даходаў Мінска ад продажу квіткоў у кіно была прыблізна 17%. Сёння 60%. Мы, вядома, з абласнымі кінапракатамі добра камунікуем, падтрымліваем. Але я нават не магу адказаць, ці ўсе пачалі паказ новага "Гары Потэра". Таму што мы атрымліваем фільмы бясплатна, а яны павінны спачатку зрабіць перадаплату.

Калі нас адвучылі ад (беларускага) кіно?

— Нядрэнна было б, каб у мінскія кінатэатры прыйшлі інвестары. Але, на жаль, сур'ёзных інвестараў не відаць. Па кавалках раздаць кінатэатры я не хачу. Будзе татальная "Рубін плаза". Я не кажу, што "Рубін плаза" дрэнна. Няхай гледачы вызначаюць. Але па кошце яны ўжо ўбачылі розніцу... Калі па кавалках расхапаюць кінатэатры — гледачу будзе дрэнна. Кіно стане недасяжнае. Выбар будзе — што дадуць, тое і пакажуць. Калі "Уорнэр бразэрс" пракатваюць 20 фільмаў, то вы будзеце ў Мінску і паказваць іх 20 фільмаў, інакш яны вам ніводнага не дадуць. Самастойнасці ў выбары фільмаў, якую мы маем сёння, у нас не будзе.

У 1997 годзе ўсе кінатэатры Мінска былі ў прыватнай уласнасці. Што было? Пустыя залы — іх здавалі ў арэнду, каб зарабіць хоць якія грошы. У кіно прыходзілі проста пагрэцца і папіць піва. Напэўна, тады і прывучылі нашых людзей несці ў кінатэатры абеды, піва, гарэлку... Тады гледачоў было 700 тысяч у год, з іх больш за 60% дзяцей, якіх проста сілай зганялі ў кіно. Тады (дзе-нідзе і сёння ў рэгіёнах такое сустракаецца) дзяцей арганізавана з дзіцячага садка, школы валаклі глядзець беларускае кіно. А потым яны студэнтамі прыязджаюць у Мінск і на беларускае кіно не ідуць. Можа, яно і не такое дрэннае, але таму, што іх з дзяцінства прывучылі, што на беларускае кіно абавязкова вядуць строем, выпрацавалася непрыманне яго. Сёння даходаў ад тых, хто купіў квіток па дзіцячым кошце, у Мінску 0,8%.

Мы гатовыя і да акцыянавання, і да прыватызацыі. Але для гэтага патрэбны вялікія грошы. Балансавы кошт асноўных фондаў прадпрыемства — 120 мільярдаў бел. руб. Каб прыватызаваць, памножце гэтую лічбу на тры ці хоць бы на два, калі будзе сур'ёзны інвестар, гатовы ўкласці яшчэ ў два-тры разы больш, чым тое, за што ён купіць. Мы рады інвестару, які прыйдзе ў "Ракету" і "Дружбу". Але нам не трэба інвестар у "Беларусь" і "Кіеў", якія мы ўжо давялі да ладу.

Кіно будзе

Сёння кіно — гэта бізнэс. І атракцыён. Цікава, што менавіта ў ХХІ стагоддзі, калі тэхнічныя магчымасці дазваляюць рабіць у кіно абсалютна ўсё, дазваляюць абсалютную свабоду творчасці і палёт фантазіі, кіно з высокага мастацтва (якім было ў часы свайго росквіту 1970-1990-я гг.) ператвараецца зноў проста ў экстрэмальную забаўлянку, якім было ў часы кінематографа братоў Люм'ер. Вядома, што кантэнт кінатэатраў падначальваецца мэйнстрыму. Таму сярод навінак, якія мінчукі змогуць паглядзець восенню, шмат чарговых блокбастараў і іншых фільмаў, якія ствараюцца толькі для таго, каб сабраць касу. Васіль Коктыш любіць паўтараць, што ёсць фільмы, якія можна круціць месяц (кшталту "Гары Потэра"), а ёсць фільмы, з якімі пасля тыдня пракату ўжо няма чаго рабіць — залы будуць пустыя. Тым не менш, восенню інтэлектуальнага ўдумлівага гледача мінскі кінапракат таксама парадуе. Будзе і скандальная "Меланхолія" Ларса фон Трыера, і расійскі "Без мужчын" з Надзеяй і Ганнай Міхалковымі, і "Ноч у Парыжы" Вудзі Алена з Карлай Бруні ў эпізадычнай ролі, і "Высоцкі, дзякуй, што жывы" рэжысёра Пятра Буслава, сцэнарый да якога напісаў сын Высоцкага Мікіта.

Адным словам, кіно будзе. Трымайцеся добрага густу і не паддавайцеся на правакацыі.
 
Все фильмы онлайн
Все фильмы онлайн
Все фильмы онлайн
  • Скидка до 20% на квест "Во сне с Фредди Крюгером" в PodZamkom
Все заведения
0058931