Маша и Медведь Смотри сейчас


Ягор Квартальны,

Арганізатары фолк-фэсту «Камяніца-2015», які адбудзецца пад Мінскам 5 верасня, абвясцілі другую частку музычнай праграмы, а таксама паведамілі пра бясплатны транспарт, забавы і кірмаш. «Сумаваць не будзе калі!» — падкрэсліваюць яны.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Сёлета «Камяніца» пройдзе ўжо сёмы раз на звыклым месцы — у Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы. І традыцыйна прынясе свайму «роднаму дому» карысць.

«Музей пад адкрытым небам патрабуе штодзённай карпатлівай працы, — падкрэслівае дырэктар установы Эдуард Багдановіч. — Любы шторм, любая залева могуць стаць для нас сапраўднай бядой. І гэты фестываль дапамагае выконваць асноўную місію музея — збіраць, аберагаць і перадаваць нашчадкам скарбы нашай Бацькаўшчыны, бо штогод сабраныя сродкі ідуць на рамонт будынкаў-экспанатаў. Напрыклад, дзякуючы сабраным летась 180 мільёнам рублёў мы адрамантавалі адзін з самых адметных нашых помнікаў — кузню».

Леташнія скаргі на недахоп кропак харчавання і прыбіральняў не засталіся незаўважанымі: колькасць біятуалетаў на фэсце абяцаюць павялічыць удвая.

Фестываль распачнецца апоўдзень са спеваў дзіцячых калектываў «FолкRада» ды «Мілавіца». Пасля гэтага галоўную сцэну адчыняць гурты Altanka ды «Стары Ольса». На яе цягам дня таксама выйдуць замежныя госці «Дримба да Дзига» (Украіна), Trad Attack! (Эстонія), Dzikie Jablka (Польшча) і беларускія гурты Vuraj, «Ягорава гара».

Музычная праграма будзе ісці нон-стоп дзякуючы другой сцэне, на якой з’явяцца фолк-гурты «Варган», «Горынь», «Мярэжа», «Страла», «Этна-суполка» ды іншыя.

Іскрынкай фестывальнай праграмы стане монаспектакль вядомага фалькларыста, лідара этна-трыа «Троіца» Івана Кірчука. Матэрыялы са шматлікіх падарожжаў па выміраючых вёсках сталі асновай для праграмы «Споведзь пад стрэхамі».

«Тое, што ў розных вёсачках, якія я праехаў, стаяць пустыя хаткі, што спадчына згубілася — боль мой, — распавядае Іван Іванавіч. — У спектаклі чалавечае жыццё — вясна, лета, восень, зіма. Упор будзе зроблены на дзіцячую праграму, будзе шмат масак, розных інструментаў, якія яны, можа, не бачылі і не чулі: ліра, акарыны, дудкі, чыгункі, ў якіх варылі бульбу нашы бабулькі. Галоўнае трэба ў канцы сказаць людзям: у вас засталіся бабулі, дзядулі. Яны могуць расказаць пра рэчы, якія вы не ведаеце».

Прагляды «Споведзі пад стрэхамі» зладзяць тройчы на дзень (у 13, 15 і 17 гадзін) у былой царкве каля карчмы. Дакладны расклад астатніх выступаў будзе абвешчаны раніцай у дзень фэсту праз суполкі фэсту ў сацсетках.

Амаль самастойным вялікім мерапрыемствам у межах «Камяніцы» стане кірмаш нацыянальнай культуры, дзе свае вырабы прадставіць шэраг прадпрыемстваў і больш за 50 рамеснікаў, у тым ліку ганчары і кавалі, вытворцы лялек, упрыгожванняў з натуральных матэрыялаў і адзення — ад традыцыйнага да сучасных вышымаек.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Сябар аргкамітэта, шматгадовы вядучы імпрэзы і лідар гурта «Палац» Алег Хаменка зазначае, што абавязковыя фестывальныя атрыбуты не павінныя рушыць аўтэнтычную атмасферу музея.

«На тэрыторыі фэста вы не заўважыце ніводнага электрычнага слупа. Уся электрычнасць, вада — прывазныя. Гэта можа камусьці падацца не такім камфортным, як на іншых фестывальных пляцоўках. Але ўсе павінны зразумець, што кожная кропля вады і кілават на фестывалі зробленыя ручкамі. І так неабходна рабіць, бо калі вы трапляеце ў музей, у вас няма адчування, што вы знаходзіцеся ў нейкай сучаснай фальсіфікацыі. Усё застаецца такім чыстым і сапраўдным, якім задумвалі людзі, што арганізоўвалі гэты музей», — упэўнены музыка.

Гледачоў чакае шмат разнастайных забаў: народныя танцы і гульні, рыцары і арбалетнае стрэльбішча, дзіцячая пляцоўка з маляваннем і пляценнем. Можна будзе паскакаць на кані, палётаць на аўтажыры ці проста выкачацца ў сене.

Арганізатары звяртаюць увагу на тое, што згодна з правіламі бяспекі на тэрыторыю фестывалю нельга праносіць любыя алкагольныя напоі, ваду ў шкляных бутэльках, а таксама любое харчаванне, акрамя дзіцячага. На тэрыторыі, побач з другой сцэнай, будзе абсталяваная велапаркоўка, а бясплатная аўтапаркоўка размесціцца недалёка ад уваходу ў музей.

Апроч уласнага транспарту на «Камяніцу» можна будзе даехаць бясплатным фестывальным аўтобусам ад станцыі метро «Малінаўка» (кожныя 15 хвілін з 11.30 да 23.00 у абодва бакі) ці прыгарадным аўтобусам 203э ад аўтастанцыі «Паўднёва-Заходняя» (метро «Міхалова», кошт квітка 9,2 тыс. руб, расклад руху па нумары 114).

Нагадаем, фолк-фестываль «Камяніца» адбываецца на маляўнічай тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо, 4 км ад МКАД) з 2009 года. Грошы ад мерапрыемства дапамагаюць музею падтрымліваць найбуйнейшую ў Беларусі калекцыю вясковай драўлянай архітэктуры XVIIIXX стагоддзяў.

Квіткі на фестываль ужо можна набыць на сайце AFISHA.TUT.BY.

Час правядзення фестывалю — з 12.00 да 22.00.

Кошт дарослага квітка — 100 000 рублёў, школьнікам да 12 гадоў 50 000 рублёў.

Дашкольнікі, а таксама наведнікі ў поўным варыянце нацыянальнага касцюма (ад галаўнога ўбору да абутку) праходзяць бясплатна.

Інфалінія: (044) 517 08 12.

Набыць квіток