Фото - постер к выставке Выстаўка Гаўрыіла Вашчанкі "Зямля пад белымі крыламі" на AFISHA.TUT.BY

Выстаўка Гаўрыіла Вашчанкі "Зямля пад белымі крыламі"

Данное событие уже завершено.
  • Нравится выставка? Поделись с друзьями!

«Сапраўдны творца ўвасабляе сабой радзіму»:
мастацкая выстаўка памяці Гаўрыіла Вашчанкі.


21 чэрвеня 2018 года а 17-й гадзіне ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) адкрыецца выстаўка Гаўрыіла Вашчанкі «Зямля пад белымі крыламі», прысвечаная памяці і 90-годдзю з дня нараджэння мастака.

Ідэя выстаўкі не толькі ўшанаваць памяць вялікага мастака і педагога Гаўрыіла Вашчанкі, але і паказаць творы майстра ў нязвыклым фармаце. У экспазіцыі прадстаўлены як эскізы манументальных работ, так і самастойныя творы малога фармату, большасць з якіх экспануюцца ўпершыню.

Гаўрыіл Харытонавіч вядомы як мастак-манументаліст з маштабнымі мысленнем і велічнымі палотнамі. Але манументальнасць можа быць і ў малым фармаце, які дае магчымасць гледачу засяродзіцца на галоўным сэнсе твора, разгледзець тэхніку жывапісу, убачыць нюансы каларыстыкі, не адыходзячы на вялікую адлегласць ад карціны і не адцягваючыся на іншыя работы або інтэр'ер.

Творы майстра вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, роздумам аб праблемах часу і мінуўшчыне роднай зямлі. Асабліва дарагім і блізкім было для мастака ўсё, што звязана з Палессем – месцам, дзе нарадзіўся і прайшло дзяцінства. Палессе − гэта яго разуменне радзімы.

Мабыць таму і пісаў людзей з мазолістымі рукамі, глыбокія блакітныя азёры, коней, што пасвяцца на лугах, буслоў, якія заўсёды падабаліся мастаку прыгожымі вытанчанымі сілуэтамі. «Іх павольнае лунанне ў вышыні, дзівосная чысціня ліній – крыніца майго натхнення. Без іх я не ўяўляю роднага Палесся. Яны нябачна прысутнічаюць у маіх работах, нават калі там не намаляваны». Гэта не проста прыгожыя словы, гэта – творчая пазіцыя Гаўрыіла Вашчанкі.

Гаўрыіл Вашчанка
(20 чэрвеня 1928 г., в. Чыкалавічы, Брагінскі раён, Гомельская вобласць – 14 лютага 2014 г.) — Народны мастак Беларусі (1988), Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1977), Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1987). У 1955 г. скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. З 1961 г. працаваў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, з 1975 г. − загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.Працаваў ў галіне станкавага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу.

Выстаўка «Зямля пад белымі крыламі», прысвечаная творчасці Гаўрыіла Вашчанкі, будзе радаваць наведвальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі да 5 верасня 2018 года.

Дата заканчэння работы выстаўкі можа быць зменена!

Тэлефон для даведак: (+375 17) 266 37 37, 293 28 23.

 

Поделиться:

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Отзывы

Похожие выставки

0063060