О событии
29 кастрычніка 2020 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачынае работу часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Творчасць як жыццё…”, прымеркаваная да юбілеяў знакамітых беларускіх драматургаў: 100-годдзя з дня нараджэння Андрэя Макаёнка, 90-годдзя з дня нараджэння Алеся Петрашкевіча і 70-годдзя Аляксея Дударава.Беларуская драматургія ў савецкі перыяд стала нацыянальным здабыткам і атрымала значны рэзананс і папулярнасць далёка за межамі Беларусі. Юбіляры 2020 года А.Макаёнак, А.Петрашкевіч і А.Дудараў – яскравыя прадстаўнікі жанру.
Народны пісьменнік Беларусі Андрэй Макаёнак (1920–1982 гг.) узбагаціў беларускую драматургію новымі жанрамі, такімі як трагікамедыя, сатырычная камедыя, камедыя-рэпартаж, сентыментальны фельетон і інш.
Алесь Петрашкевіч (1930–2012 гг.) працаваў ў розных жанрах драматургіі і распрацоўваў тэму гістарычнага мінулага Беларусі як у сваіх п’есах, так і будучы кіраўніком цэнтра па выданні гісторыка-дакументальных хронік “Памяць”.
Аляксей Дудараў (нар. 1950 г.) рэалізуе сябе ў жанры гістарычнай драмы. Яго творы вызначаюцца вастрынёй маральнай праблематыкі, псіхалагізмам, аналітычнасцю.
Побач з прадметамі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры на экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, “Гасцёўні Уладзіслава Галубка”, сямейных архіваў Алы Андрэеўны Макаёнак, Таццяны Аляксееўны Петрашкевіч і мастака-пастаноўшчыка Дзмітрыя Максімавіча Мохава (эскізы да спектакляў А.Макаёнка і А.Дударава), якія раскрываюць лепшыя здабыткі нацыянальнай літаратуры ў жанры драматургіі.
Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Творчасць як жыццё…” прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў. Выстава будзе дзейнічаць да 21 студзеня 2021 года.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Отзывы