Фото - постер к выставке Салют Радзіме на AFISHA.TUT.BY

О событии

З 6 мая 2020 года ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва пачне працу выстава жывапісу Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва «Салют Радзіме», прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Прайшло 75 пасляваенных гадоў, але асэнсаванне вайны працягваецца і цяпер. Тэма мастацкага летапісу Вялікай Айчыннай вайны ў выяўленчым мастацтве Беларусі – асаблівая тэма, якая нікога не можа пакінуць абыякавым і ніколі не страціць сваёй хвалюючай сілы.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны мастакі разам з усім народам сталі ў шэрагі абаронцаў сваёй Радзімы. Яны служылі ў розных родах войскаў, мелі розныя воінскія званні і ваенныя спецыяльнасці, але кожны з іх выконваў цяжкую, небяспечную працу, якую яму адводзіла вайна.
У творах франтавікоў – шчырасць і боль, трапятлівасць пачуццяў, выяўленыя ў кожнай лініі, у кожным штрыхе, парой напісаных, здаецца, не рукой, а аголеным нервам.

Напярэдадні вялікай даты нельга не дакрануцца да творчасці аднаго з выбітных дзеячаў беларускага мастацтва XX стагоддзя, народнага мастака Беларусі, франтавіка Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва, які ў снежні 1941 года быў мабілізаваны, прайшоў вайну, служыў у пяхоце, кавалерыі, быў цяжка паранены ў баях за Беларусь. Ен адзін з першых у СССР, хто пачаў адлюстроўваць вайну без пафасу, бліжэй да праўды.

На выставе прадстаўлены творы Леаніда Шчамялёва з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь («Ветэран нашага двара», «Акупацыя», «Салют Радзіме» і інш.), Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь («Музыкі 1941 года (памяці Георгія Свірыдава)», ГА «Беларускі саюз мастакоў» («Генерал Леў Даватар», «Першы дзень міра») і калекцыя твораў мастака з Музея гісторыі горада Мінска. У розных па вобразнай структуры творах знайшлі адлюстраванне ўрачыстасць Перамогі і смутак аб загінуўшых, боль маці, якая праводзіла сына на фронт, і пасляваенныя гады. Работы майстра напоўнены выразнымі кампазіцыйнымі рашэннямі, насычанай каларыстычнай гамай і яркімі вобразнымі характарыстыкамі персанажаў, моцных і мужных людзей.

Правядзенне выставы Леаніда Шчамялёва «Салют Радзіме», прымеркаванай да вялікай даты, з'яўляецца данінай глыбокай павагі і ўдзячнасці ўдзельнікам вайны, якія цаной уласнага жыцця абаранялі краіну і разам з усім народам здабылі Перамогу.

Выстава працуе да 11 кастрычніка 2020 года.

г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10
серада - нядзеля, 11.00 - 19.00
т. (017) 342 24 26; 321 24 30; minskmuseum.by
Уваходны квіток у галерэю: дарослы - 3 р., студэнцкі - 2,5 р., дзіцячы - 2 р.

Поделиться:

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Отзывы

Самые популярные события

Все заведения