Фото - постер к выставке Памяці Мінскага гета на AFISHA.TUT.BY

Памяці Мінскага гета

Данное событие уже завершено.
  • Нравится выставка? Поделись с друзьями!

З 18 кастрычніка па 10 снежня 2018 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе праходзіць выстава «Памяці Мінскага гета», прысвечаная 75-годдзю ліквідацыі Мінскага гета ў перыяд Другой сусветнай вайны. У беларускай сталіцы са жніўня 1941 па кастрычнік 1943 г. фашысты знішчылі звыш за 100 000 чалавек – дзяцей, жанчын, мужчын, старых. Сярод іх былі не толькі мінчане і жыхары з навакольных вёсак, але і дэпарціраваныя грамадзяне з краін Усходняй Еўропы – Германіі, Аўстрыі, Чэхіі. Гэтыя драматычныя старонкі гісторыі знайшлі сваё адлюстраванне ў беларускім выяўленчым мастацтве розных гадоў. Вось толькі некаторыя імёны мастакоў, для якіх гэты перыяд стаў асабістай трагедыяй.

Абрам Маркавіч Бразер (1892–1942) – савецкі скульптар, графік, жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў з 1940 г. Нарадзіўся ў Кішынёве, у 1910 г. скончыў Кішынёўскае мастацкае вучылішча. У 1912–1916 гг. стажыраваўся ў Парыжы, жыў у знакамітым «Вуллі», дзе зблізіўся з Маркам Шагалам. У 1912–1914 гг. вучыўся ў парыжскай Нацыянальнай школе прыгожых мастацтваў. З 1918 года жыў у Віцебску, дзе зрабіў прыкметны ўплыў на мастацкае жыццё горада – выкладаў у Віцебскім мастацка-практычным інстытуце, займаўся арганізацыяй выстаў, дыспутаў на тэмы сучаснага мастацтва, камплектацыяй Віцебскага музея сучаснага мастацтва, ствараў эскізы для святочных упрыгожванняў горада, афармляў спектаклі Яўрэйскага тэатра. Аўтар шэрага помнікаў у БССР. З 1923 г. жыў у Мінску, уваходзіў ва Усебеларускае аб'яднанне мастакоў і Рэвалюцыйную арганізацыю мастакоў Беларусі, Саюз мастакоў БССР. Вялікая персанальная выстава Абрама Бразера адкрылася ў чэрвені 1941 года, за некалькі дзён да пачатку вайны. Усе працы на выставе былі знішчаны, а самога мастака з сям'ёй у сакавіку 1942 г. расстралялі ў Мінскім гета. На вялікі жаль, захавалася вельмі мала твораў Абрама Бразера. У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь іх толькі 4 (скульптура, жывапіс і 2 графікі).

Ісаак Іосіфавіч Мільчын (1894–1941) – мастак, пра якога вядома вельмі мала. Нарадзіўся ў беларускім мястэчку Івянец, з 1909 года вучыўся ў мастацкай школе Якава Кругера ў Мінску. У 1911–1914 гг. Ісаак Мільчын жыў у Германіі, наведваў Берлінскую мастацкую школу. З 1921 г. ён пачаў удзельнічаць у выставах, з'яўляўся членам Мінскага філіяла Усебеларускага аб'яднання мастакоў. У пачатку вайны Ісаак Мільчын загінуў разам з жонкай і дачкой у Мінскім гета. Яго сын – Леў Мільчын (1920–1987) – у гэты час вучыўся ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі, які паспеў эвакуіравацца ў Алма-Ату (Казахстан). У далейшым Леў Ісаакавіч стаў вядомым савецкім мультыплікатарам і ўсё астатняе жыццё прапрацаваў у кінастудыі «Саюзмультфільм».

Марк Саламонавіч Жытніцкі (1903–1993) – мастак-графік, нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся ў Маскве на рабфаку мастацтваў (1925–1929), а таксама ў ВМАТЭМАЙС (Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях) (1929–1932) на выдавецкім факультэце. У Мінску з 1932 года працаваў мастаком у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, па справе якога і быў арыштаваны ў 1936. Знаходзіўся ў Ухцінскім ГУЛАГу аж да 1946 г. Чуткі пра трагічны лёс яўрэйскага народа на акупіраваных тэрыторыях заахвоцілі мастака да стварэння ў лагеры твораў пра вайну і пра ахвяр фашызму. Пазней, вярнуўшыся ў Мінск, Марк Жытніцкі даведаўся, што яго жонка, маці і сваякі загінулі ў гета, а дачку ўдачарыла сям'я Пятра Глебкі. У 1949 годзе мастак быў асуджаны паўторна, але рэабілітаваны ў 1956 г. З 1971 г. і да канца сваіх дзён ён жыў у Ізраілі. Большую частку творчасці Марк Саламонавіч прысвяціў тэме трагедыі яўрэйскага народа ў гады вайны.

Лазар Саулавіч Ран (1909–1989) – савецкі графік, жывапісец, скульптар. Нарадзіўся ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс, Латвія). Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1928–1932), наведваў майстэрню Юдэля Пэна. У выставах удзельнічаў з 1934 г. Стаў членам Саюза мастакоў СССР у 1940. Жыў у Мінску з 1932 г. У гады вайны знаходзіўся ў Маскве. Пасля вызвалення Беларусі вярнуўся і даведаўся аб гібелі сваёй сям'і ў гета. З гэтага часу тэма Мінскага гета становіцца асноўнай у яго творчасці.

Прадстаўленыя на выставе творы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь даюць магчымасць успомніць аб гуманістычнай катастрофе чалавецтва.

Поделиться:

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Отзывы

Похожие выставки

Самые популярные выставки

  • Скидка 20% на все блюда основного меню по выходным 11:00-18:00 Чайхана
Все заведения
0063297