Фото - постер к выставке Мікалай Тарасікаў. Праз прызму часу на AFISHA.TUT.BY

Мікалай Тарасікаў. Праз прызму часу

Данное событие уже завершено.
  • Нравится выставка? Поделись с друзьями!
19 лютага 2019 года а 17 гадзіне ў ДУ “Мемарыяльны музей-майстэрня З. І. Азгура” адбудзецца адкрыццё выставы “Мікалай Тарасікаў. Праз прызму часу” у межах праекта “Прыватны збор”.

Дадзеная выстава – рэтраспекцыя твораў мастака, выкананых у розных жанрах і розных тэхніках: “Завод” (1936), “Кветкі” (1941), “Партрэт Янкі Купалы” (1942), “Партрэт Якуба Коласа” (1950), “Народны ўмелец” (1956), “Партрэт мастака Яўгена Красоўскага” (1958), “Заліўшчыкі” (1960) ды інш.
Мікалай Лукіч Тарасікаў (1908-1965) – адзін з тых мастакоў, творчасць якіх цесна звязана з развіццём паслярэвалюцыйнага беларускага выяўленчага мастацтва. Яго творы, нягледзячы на на асаблівасці пабудовы прасторы кампазіцыі і стрыманы колер, захапляюць гледача вобразнасцю, высокай мастацкай культурай.

Мікалай Лукіч Тарасікаў нарадзіўся ў Краснаярску. Пазней у Омску, куды пераехалі бацькі Міколы, ён пазнаёміўся з мастаком Штэрнбергам. Менавіта ў Штэрнберга Тарасікаў атрымаў першыя веды па кампазіцыі, малюнку, каларыту.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Тарасікавы вяртаюцца ў Гомель. Мікалай вучыцца ў мастацкай студыі пад кіраўніцтвам мастакоў С.А. Каўроўскага, Г.Р. Ніскага, Л.С. Русецкага і А.А. Маневіча. У студыі ён атрымлівае добрую падрыхтоўку, і з гэтым багажом ведаў пачынаючага мастака прымаюць адразу на трэці курс Віцебскага мастацкага тэхнікума, дзе ён займаецца ў В.Н. Руцая і Ф.Н. Фогта. Пасля заканчэння тэхнікума ў 1930 годзе Тарасікава накіроўваюць у Лепельскае педагагічнае вучылішча.

Папрацаваўшы год у вучылішчы, малады мастак едзе ў Адэсу, дзе ў 1935 годзе заканчвае Адэскі мастацкі інстытут. Пасля вяртаецца ў Мінск і пачынае актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Выступае як лектар і ўдзельнічае ва ўсіх мастацкіх выстаўках.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Тарасікаў быў мабілізаваны ў савецкую армію. У гэты перыяд ім створана шмат эцюдаў і малюнкаў, частка якіх экспанавалася на мастацкай выстаўцы,прысвечанай 25-годдзю БССР ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі.
Пасля вайны ўжо сталым мастаком Мікалай Лукіч вяртаеццаў Мінск, дзе шмат працуе над новымі творамі, нямала часу прысвячае народнай творчасці.
Тарасікаў абараняў сапраўднае мастацтва і быў праціўнікам усялякага натуралізму, неапраўданага мадэрнізму і павярхоўнага ўспрымання ўсяго створанага на Захадзе. Адстайваў неабходнасць пошукаў новай, выразнай формы, але не дзеля формы, а як неабходнасць творчага пераўтварэння і вобразнага мыслення.

Калі разглядаць творчасць Мікалая Тарасікава праз прызму часу, то становіцца відавочным ягоны яскравы талент, які падараваў беларускаму выяўленчаму мастацтву шмат запамінальных твораў: “Партрэт акадэміка Н. М. Нікольскага” (1970), “Камсамолка” (1940), “Каля каўша” (1958), “Партрэт кампазітара М. Аладава” ( 1960), “Півоні, макі, рамонкі” (1965), “Партрэт Янкі Купалы” (1942), “Партрэт Якуба Коласа” (1950), “Кветкі” (1941), “Завод” (1936), “Партрэт мастака Я. Красоўскага” (1958), “Натуршчыца” (1964) ды інш.
Але трэба зрабіць і неабходны каментар: не ва ўсе часы нашай пакручастай гісторыі адназначна ўспрымаліся талент Мікалая Тарасікава і ягонае бачанне творчасці калег-сучаснікаў. Выстаўка “Мікалай Тарасікаў. Праз прызму часу” – і даніна памяці мастака, і вяртанне яго творчай спадчыны прыхільнікам беларускага выяўленчага мастацтва.

Куратар выставы Мікалай Паграноўскі

Выстава працуе да 10 сакавіка 2019 года.
Адрас музея: Мінск, вул. Азгура, 8.
Музей працуе штодня, акрамя нядзелі, панядзелка
З 10:00 да 17:00
Уваход на вернісаж вольны
Тэлефон для даведак: (8017) 380-06-32  
Поделиться:

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Отзывы

Похожие выставки

Самые популярные события

Все заведения