Фото - постер к выставке Армагедон. Выстава Алеся Мары  на AFISHA.TUT.BY

Армагедон. Выстава Алеся Мары

Сохранить
Сохранить событие
Данное событие уже завершено.

О событии

3 верасня 2020 года (чацвер) а 17 гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” Беларускага саюза мастакоў (Мінск, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё юбілейнай выставы “АРМАГЕДОН” вядомага беларускага мастака, сябра творчай суполкі “Пагоня”, Алеся Мары (Аляксея Марачкіна). Выстава прымеркавана да 80-годдзя мастака.

Экспазіцыя юбілейнай выставы Алеся Мары дазволіць прасачыць працэс творчага станаўлення мастака ад студэнцкіх работ да вялікіх жывапісных палотнаў, многія з якіх ўжо сталі класікай беларускага жывапісу. Сярод іх – “Вітаўт”, “Мікола Гусоўскі”, “Алаіза Пашкевіч (Цётка)”, “Максім і Вераніка” ды іншыя.

Назва выставы “АРМАГЕДОН” адпавядае актыўнай грамадзянскай пазіцыі мастака, пра якую ён смела і паслядоўна заяўляе ў сваёй творчасці. Алесь Мара – мастак, які заўсёды рэагуе на вострыя сацыяльна-палітычныя праблемы нашага грамадства. Пра гэта сведчаць палотны розных гадоў – “Сцяна” (2001), “Плошча” (2010), “Пераможцы” (2010), “Навала” (2013), “Рыцар на ўсе часы” (2014), серыя карцін “Дровы” (2010-2019) і многія іншыя. Менавіта такія творы, напоўненыя глыбокай трывогай за лёс краіны, знаходзяць усё больш прыхільнікаў творчасці Алеся Мары.

Было б несправядліва казаць, што ўся творчасць Алеся Мары прасякнута толькі сацыяльнымі праблемамі. Мастака зачароўвае асаблівая прыгажосць нашай зямлі. З пачуццём замілавання напісаны краявіды на яго роднай Магілёўшчыне і на азёрнай Віцебшчыне, дзе ён хадзіў сцежкамі Язэпа Драздовіча, збіраючы яго ацалелую спадчыну. Творчасць Язэпа Драздовіча моцна паўплывала на мастака не толькі з боку яго мастацкіх адкрыццяў, але і як на асобу, грамадзяніна сваёй краіны.

Разнастайнасць стылёвых пошукаў сведчыць пра мастака, які не затрымліваецца на ўдалых знаходках каляровай і пластычнай мовы. На выставе можна ўбачыць не толькі фігуратыўныя кампазіцыі, але і абстрактныя каляровыя палотны, як даніна віцебскай мастацкай школе 20 – 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

Упершыню будуць экспанавацца жывапісныя карціны, створаныя ў гэтым годзе на пленэры ў Чарнагорыі, дзе мастаку падчас пандэміі прыйшлося затрымацца на тры з паловай месяцы пры зачыненых межах.

Сярод графічных работ варта звярнуць увагу на ілюстрацыі да паэмы Уладзіміра Някляева “Вавукі”, над якімі Алесь Мара працаваў у апошні час. Серыя з 12 аркушаў – гэта развагі мастака і паэта пра каханне і жыццё, дадзеныя нам Богам.
Экспазіцыю выставы дапоўняць унікальныя аўтарскія інсталяцыі рознай тэматыкі. Увазе наведвальнікаў будуць прапанаваны дакументальны фільм “Мара” (рэжысёр Уладзімір Арлоў), а таксама дзве кароткаметражныя стужкі, створаныя мастаком на аснове ўласнага кінаархіва.

Выстава працуе да 17 верасня 2020 года.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак-выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49; +375 (29) 264 68 48 (МТС).
Таксама з інфармацыяй пра мінулыя і будучыя выставы можна азнаёміцца на сайтах Беларускага саюза мастакоў: www.belarunion.by, Палаца мастацтва: http://artpalace.by/
 
Поделиться:

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Отзывы

Самые популярные события

Все заведения