Фото - постер к выставке Абуджаная жалейка на AFISHA.TUT.BY

Абуджаная жалейка

Данное событие уже завершено.
  • Нравится выставка? Поделись с друзьями!
Я зноў заснуўшую было жалейку
Бяру і пробую ў ёй галасоў…
Янка Купала “Для Бацькаўшчыны”


22 лютага 2018 года а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта “Абуджаная жалейка”, прысвечанага цыклу патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 г. і прымеркаванага да 110-годдзя выхаду яго першага зборніка “Жалейка”.

Партнёрам праекта стаў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Выставачны праект “Абуджаная жалейка” прадстаўляе пераломны час І Сусветнай вайны і распаду магутных імперый, калі многія народы Еўропы, у тым ліку і беларусы, атрымалі магчымасць сцвердзіць даўнюю мару пра дзяржаўнае адраджэнне.

“Жалейка” Янкі Купалы, якая ўбачыла свет 110 гадоў таму, стала ўдалым творчым дэбютам маладога паэта і выразным пасланнем свету аб існаванні такой старонкі як Беларусь і такога народа як беларусы, аб іх жаданні, каб і беларускі голас гучаў у сям’і народаў свету. У 1918 г. беларусы пацвердзілі гэтае пасланне справай, зрабіўшы рашучы крок да самачыннасці, якім стала абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Сімвалічна, што Янка Купала, які адклаў пяро амаль на тры гады, менавіта ў гэты час зноў пачынае пісаць і ў кастрычніку – снежні 1918 г. стварае звыш дваццаці вершаў. Першы з іх – санет “Для Бацькаўшчыны”, прасякнуты ідэямі “Жалейкі”, адпаведны дэвізу зборніка “Шляхам жыцця” (1913) “Усё для маёй Бацькаўшчыны – Беларусі”. Цыкл, народжаны ў часіну бедаў і нягод, стаў аўтарскім асэнсаваннем таго гістарычнага раздарожжа, на якім апынулася Беларусь, пошукам шляху, які дазволіць яе народу заняць “свой пачэсны пасад між народамі”. Узнёслае слова Купалы, атрымаўшы шырокі розгалас дзякуючы шматлікім публікацыям у тагачасных перыядычных выданнях, несла людзям падтрымку, давала арыенціры, клалася цаглінамі ў падмурак будучага беларускага дома.

На выстаўцы ўпершыню максімальна поўна будуць прадстаўлены арыгіналы аўтографаў грамадзянска-патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 г. з фондаў музея. Гістарычны кантэкст, які абумовіў з’яўленне гэтых вершаў, узноўлены на падставе ўнікальных дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: прадстаўлены факты тагачаснай рэчаіснасці, не толькі палітычнай, але сацыяльна-эканамічнай і культурнай, якія былі інтэгруючым фактарам для дзеячоў беларускага руху розных поглядаў.

Наведаць выстаўку можна да 16 красавіка 2018 года.
 
Поделиться:

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Отзывы

0062148