Фото - постер к выставке "35 гадоў пад знакам "Ч" на AFISHA.TUT.BY

"35 гадоў пад знакам "Ч"

 
по 6 июня
ВТ–ПТ 11:00—19:00
СБ–ВС 10:00—18:00
Дворец Румянцевых и Паскевичей
г. Гомель, пл. Ленина, 4

О событии

Экспазіцыя арганізавана па ініцыятыве грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”. На ёй дэманструюцца творы народных мастакоў Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі і Уладзіміра Тоўсціка, заслужаных дзеячаў мастацтваў Валерыя Шкарубы, Уладзіміра Слабодчыкава, Віктара Барабанцава, Уладзіміра Уродніча, а таксама яшчэ каля 70 работ жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечаных 35-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС,. У экспазіцыі прадстаўлены мастакі з розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку з Гомельскай вобласці.

Ёсць падзеі, якія рэзка падзяляюць рэчаіснасць і гісторыю на "да" і "пасля"... Чарнобыльская катастрофа для многіх пакаленняў людзей з забруджаных тэрыторый парушыла светлы вобраз дзяцінства, зруйнавала самую ідэю вяртання ў бацькоўскую хату, ідэал увасаблення малой радзімы-абярэга, каштоўнага для кожнага чалавека. Усё гэта абумовіла пошук новай канцэпцыі асобы ў мастацтве. Мастацтва "пасля" Чарнобыля не толькі спавядае пра "разбуранае" выбухам рэактара жыццё людзей, яно прымушае да філасофскіх развагаў пра безабароннасць чалавека перад тэхнагеннымі катастрофамі, пра любоў, шчырасць, духоўнасць, пра малую радзіму і Бацькаўшчыну... Засяроджанасць на праблемах унутранага свету стала своеасаблівай рысай мастацтва апошніх трох дзесяцігоддзяў. Першымі выяўленчую хроніку Чарнобыльскай трагедыі пачалі ствараць адразу з 1986 года тады яшчэ маладыя мастакі Валерый Шкаруба, Мікалай Цудзік, Віктар Барабанцаў, Уладзімір Кожух, Аляксандр Фралянкоў. На іх карцінах амаль дакументальныя кадры – людзі, якія ў мірны час сталі ў сваёй краіне бежанцамі, пакінутыя хаты, калючы дрот на мяжы зоны адчужэння.

Вялікую справу дзеля захаваня памяці пра Чарнобыль зрабіў мастак і навуковец Віктар Шматаў. Ён не аднойчы прыязджаў на забруджаную тэррыторыю, каб ратаваць для гісторыі матэрыяльную культуру Палесся. Збіраў экспанаты для Музея старажытнабеларускай культуры. А разам з тым, створаныя ім у той час з натуры жывапісныя рэпартажы, апавядалі пра жыццё апусцелых вёсак.

Не мог не адгукнуцца на Чарнобыльскую бяду і пясняр Палесся Гаўрыіл Вашчанка. Карціны народнага мастака – гэта не столькі адлюстраванне рэалій, гэта шчымлівы боль па страчаным раі, светлая вера, што ўсё калісьці вернецца. Невыпадкова ж любімым сюжэтам мастака заўжды была бусліная сям'я ў гняздзе – сімвал прадаўжэння роду.

У экспазіцыі выставы "35 гадоў пад знакам "Ч" можна пазнаёміцца з работамі многіх вядомых у Беларусі творцаў. Тут таксама прадстаўлены жывапіс Уладзіміра Гардзеенкі, Арсенія Двароніна, Анжалікі Шабалтас, Віталя Дзянісенкі, Віктара Ціханава, Ірыны Кузняцовай, Генадзя Козела, Васіля Касцючэнкі, Леаніда Гоманава, Анатоля Отчыка,Сяргея Ігнаценкі; графіка Юрыя Хілько, Уладзіміра Васюка, Мікалая Гуршчанкова, Івана Андрасюка; скульптура Уладзіміра Слабодчыкава, Юрыя Мядзведзева, Аляксандра Слепава; габелены Людмілы Пятруль, Ларысы Зуевай, Ніны Пілюзінай, Святланы Баранкоўскай, Таццяны Козік.

Але, разам з тым, тэма экалагічнай катастрофы закранае мастакоў, якія пераасэнсоўваюць яе праз фармальныя кампазіцыйныя падыходы, нечаканыя пластычныя рашэнні. Гэта выразна выяўлена ў графіцы Андрэя Басалыгі, жывапісе Канстанціна Вашчанкі, Глеба Отчыка, Святланы Наздрын-Платніцкай, Глеба Герасімава, Васіля Зянько, кампазіцыях з шамоту Вольгі Сямашкі.

Адкрыццё выставы: 16 красавіка 2021 года а 16-ай гадзіне.
Месца правядзення выставы: цэнтральная частка палаца Румянцавых і Паскевічаў (г. Гомель, пл. Леніна, 4).

Уваход на выставу па квіткам на II паверх цэнтральнай часткі палаца
Час працы выставы: 11.00–19.00; суб. – нядз.: 10.00–18.00. Выхадны – панядзелак. Экспазіцыя працуе да 06 чэрвеня 2021 года.
Кантакты: (0232) 50-95-41, 50-96-91

Поделитесь событием

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Комментарии

Самые популярные события

Все заведения
0073135