Фото - постер к выставке "Тры сястры" на AFISHA.TUT.BY

"Тры сястры"

Данное событие уже завершено.
  • Нравится выставка? Поделись с друзьями!
12 чэрвеня 2015 года а 17-й гадзіне ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбудзецца адкрыццё выстаўкі твораў маладых беларускіх мастакоў Вольгі Бычко, Сафіі і Валянціны Піскун “ТРЫ СЯСТРЫ”.

З гераінямі славутага твора А.П. Чэхава маладых мастачак, якія прадстаўляюць свае творы на выстаўцы, звязвае толькі тое, што яны таксама сёстры – маладыя, поўныя мараў і імкнення да дасканаласці, шчырасці пачуццяў і дабрыні.

Творчыя біяграфіі ўсіх трох сясцёр вельмі падобныя. Яны рухаліся ўперад, падтрымліваючы і па-сястрынску дапамагаючы адна адной. Нарадзіліся Вольга, Сафія і Валянціна ў сям’і вядомых мастакоў Юрыя Піскуна і Алены Юр’евай. З маленства іх схільнасць да малявання падтрымлівалася бацькамі, прыклад якіх у значнай ступені прадвырашыў абранне мастацкіх прафесій іх дочкамі. Усе трое скончылі спачатку Рэспубліканскую мастацкую гімназію-каледж імя І. Ахрэмчыка, а потым і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе іх настаўнікамі былі такія вядомыя беларускія мастакі, як Аляксандр Ксяндзоў, Уладзімір Савіч, Валянціна Сідарава, Іван Кліменка і інш. Яны паспяхова абаранілі дыпломныя работы – Вольга Бычко (Піскун) у галіне станковага жывапісу (тэма – паэтычнае асэнсаванне беларускай гісторыі); Сафія Піскун – у галіне графікі (серыя вялікіх афортаў, прысвечаных роднаму Мінску); Валянціна Піскун абаранілася як мастак па касцюме на кафедры, дзе выкладае яе бацька. Тэмай яе дыпломнай работы была калекцыя авангарднага маладзёжнага адзення пад дэвізам “Каралева дыска”.

Яшчэ ў час вучобы сёстры пачалі шмат выстаўляцца ў Беларусі і за мяжой. Спачатку, разам з бацькамі, выстаўкі работ Вольгі, Сафіі і Валянціны адбыліся ў Эстоніі – у Музеі-замку г. Нарвы і адной з мастацкіх галерэй Таліна (2005, 2007); у Мінску, у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў “Палац мастацтваў” (2009, выстаўка “Пяць прамянёў”); у мастацкай галерэі г. Барысава (2012, выстаўка “Паклон Ратуцічам”); у галерэі Інстытута імя Гётэ ў Мінску. Вынікам далейшай творчай працы мастачак стала тое, што толькі ў апошні год выстаўкі твораў Вольгі Бычко і Сафіі Піскун адбыліся ў мастацкай галерэі Беларускай акадэміі мастацтваў, у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (ІВВ), у галерэі Тэалагічнага факультэта БДУ.

Сёння Сафія працуе як афарціст і майстар экслібрыса, займаецца ілюстраваннем дзіцячых кніг, удзельнічае ў міжнародных кангрэсах і выстаўках станковай графікі. Тры разы яна атрымлівала творчыя стыпендыі DAAD – Нямецкай службы студэнцкіх абменаў, па якім як малады спецыяліст стажыравалася ў Акадэміі мастацтваў г. Мюнстэр (зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія). Валянціна Піскун у суаўтарстве з мастаком Аляксеем Гаявым, нядаўна скончыла вялікую і адказную работу – графічную распрацоўку эскізаў касцюмаў і дэкарацый для святкавання 70-годдзя Перамогі. Сярод значных творчых дасягненняў гэтай маладой мастачкі – калекцыі сцэнічных касцюмаў для Акадэмічнага народнага хору Беларусі і Беларускага дзяржаўнага ансамбля танца, плакаты і касцюмы для Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”.

На выстаўцы будуць прадэманстраваны пераважна творы апошніх гадоў дзейнасці маладых мастачак – жывапісныя, графічныя работы, а таксама калекцыя касцюмаў, што дасць магчымасць уявіць гледачам разнастайнасць творчых накірункаў, у якіх працуюць Вольга Бычко, Сафія і Валянціна Піскун.

Выстаўка будзе працаваць з 12 па 24 чэрвеня 2015 года.
Наш адрас: мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”, Кастрычніцкая пл., 1
(Палац Рэспублікі). Тэл.: 327-26-12. Мы працуем: 11.00-19.00.
Выхадныя: нядзеля, панядзелак. Уваход вольны.


Поделиться:

Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Отзывы

Похожие выставки

Самые популярные выставки

  • Скидка 20% с 17.00 до 22.00 на основное меню по четвергам Лилу / Lilou
Все заведения
0063385